Кастрычніцкі пераварот

Кастры́чніцкі пераварот (поўная афіцыйная назва ў СССР — Вялі́кая Кастры́чніцкая сацыялісты́чная рэвалю́цыя) — дзяржаўны пераварот, які адбыўся ў Петраградзе 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года, у выніку чаго быў звергнуты Часовы ўрад Керанскага і да ўлады прыйшоў урад, сфармаваны ў выніку ІІ Усерасійскага з’езду Саветаў.

Цытаты пра пераварот правіць

  •  

Магутным рухам народаў Расіі зруйнаваны муры маскоўскага царызму. Усе народы выйшлі на волю. Тым часам расійцы па-своему зразумелі значэньне перавароту. Сучаснасьць нам сьведчыць, што шырокія масы маскоўскай дэмакратыі падсьвядома жадалі таго, проці чаго паўсталі. Вырваўшыся за дапамогай паднявольных суседзяў з кайданаў раманаўскага самадзяржавія, гэта цёмная маскоўская маса захапіла ў свае рукі ўладу, уселася гаспадарыць на царскае месца і бушуе, як істы дзікар, ап’янелы воляй і нестрымаласьцю. Сама інтэлігенцыя гэтай масы пераняла ўсе звычкі і забабоны старога рэжыму і праз свае камітэты, рады і арганізацыі, апіраючыся на моц кулака, робіць арышты, карае сьмерцю, садзіць у турмы, зачыняе газэты, накладае цэнзуру, рэквізуе друкарні. Якраз учыняецца тое, з чым людзі змагаліся, дзеля чаго ішлі яны ў турмы, астрогі, на шыбеніцы. Расійскае грамадзянства ў агуле сваём не разумее заданьняў маменту і нават не здольна разгледзець здалёк той страшэннай багны, каторая пасуваецца з шалёнай шпаркасьцю. Велікаруская нацыя, не гледзячы на сваё нацыянальнае панаваньне і дзякуючы гэтаму панаваньню, не мае не толькі нацыянальнага, а нават племяннога, сваяцкага пачуцьця. Яна, бачыш, вышэй за гэта і пустэлю свайго нацыянальнага пачуцьця запаўняе пустым зыкам касмапалітызму. Разуменьне дзяржаўнасьці для яе не існуе, гэта «хітрая выдумка буржуазіі» — яна разумее дзяржаўнасьць Іаана Грознага. І, складаючы большасьць насяленьня ў дзяржаве, яна становіцца страшэнна шкадлівай, разносячы заразу свайго разьгільдзяйства з цэнтра на акраіны. Прыцягваючы па закону большасьці малыя элемэнты, яна пасувае іх на загібель і ганебныя ўчынкі...

Чым жа вытлумачыць гэтыя зьявішчы, як не хранічнаю цемрай і гістарычнай некультурнасьцю. Ды і праўда — што такое гісторыя маскоўскага народу? Гэта спрадвечнае панаваньне Іаана Грознага і Грышкі Распуціна ў палітыцы і Нікіты Пустасьвята ў царкве і грамадзянскім жыцьці. Адкуль жа тут узяцца культурным звычкам і здольнасьці да грамадскага будаўніцтва?! — Памёр Грозны — прыйшоў Пётар Першы, а за ім — перайманьне без жаднага толку і сэнсу. Перагартайце ўсю іх гісторыю спачатку да канца, і вы не знайдзеце там нічога добрага, нічога сьветлага — нічагутка такога, на што б можна было пазайздросьціць і каб запазычыцца добрым прыкладам і разумным дасьледам. Раманаў вешаў, ссылаў, катаваў. Пётр Першы біў сваіх парадчыкаў, як сабак, палкаю; Грозны рэзаў людзей, як воўк авечак ў хляве, а самы разумны вяльможа яго часу, Курбскі, не прыдумаў нічога лепшага, як уцячы ад гневу царскага к нам, на Беларусь, і тут пашукаць сабе прытулку. І гісторыя не захавала ні аднаго здарэньня, ніводнага прыкладу, апарт модлаў Піліпа, — каб хоць адзін хто адважыўся ссадзіць гэтага галаварэза з прэстолу і збавіць людзей ад ганебнай быдлячай смерці. Дык адкуль жа тут магла вырасьці тая культурнасць, калі гісторыя гэтага народу не давала жаднага грунту!..

Культурнасьць — не матыматыка — яе вывучыць немагчыма. Культурнасьць гадуецца вякамі. Яна не пераймаецца праз «вакно ў Еўропу» — гэта не французскі парык і не прускі мундзір. Культурнасьць людзкая ствараецца самымі людзьмі і вырастае на грунце гістарычнага выхаваньня...

Беларусы, ратуйце айчыну нашу ад заразы з цэнтру і не давайце краю свайго на паталу варварам, хоць бы то былі і маскоўскія сацыялісты!.. Разгарнеце кнігу ўласнай гісторыі і адтуль набірайцеся сілы, знацьця і разумнага дасьледу.[1]зварот да беларусаў з нагоды Кастрычніцкага перавароту

  Язэп Лёсік, 1917 год
Язэп Лёсік. Расійскае бязладдзе. «Вольная Беларусь», 15 кастрычніка 1917 г.
  •  

Бальшавізм спакусіў цёмныя, несьвядомыя масы моцнымі абяцанкамі скончыць вайну, надарыць зямлёю, накарміць галодных, усьцешыць бяздольных, прыпыніць калатніну, устанавіць парадак. Тым часам, нічога гэтага ён зрабіць не здолее, і хутка ўсе адхіснуцца ад яго. Тагды ўрад Леніна — Троцкага разваліцца, як папяровая хатка,— гэта напэўна. Многа нарабіў шкоды бальшавізм, а яшчэ большая небясьпека чакае нас наперадзе... Ратунку ад контррэвалюцыі трэба шукаць у нацыянальным адбудаваньні свайго жыцьця. Фінляндзія гэта зразумела даўно, а братняя нам Украіна зрабіла гэта апошнімі днямі, абвясьціўшы Ўкраінскую Рэспубліку.[2]

  Язэп Лёсік, 1917 год
Язэп Лёсік. Скуткі бальшавіцкага паўстання. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.

Глядзіце таксама правіць

Зноскі

  1. Язэп Лёсік. Расійскае бязладдзе. «Вольная Беларусь», 15 кастрычніка 1917 г.
  2. Язэп Лёсік. Скуткі бальшавіцкага паўстання. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.

Спасылкі правіць