Браніслаў Тарашкевіч
Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч — беларускі мовазнаўца, перакладчык, публіцыст, палітык, прамоўца. Акадэмік АН БССР (1928). Склаў школьную граматыку «Беларуская граматыка для школ».
Думкі
правіцьМова
правіцьЗык, літара — гэта толькі цень, а слова — кроў і косьць, жывое цела ў нашых душах, дарагое, майстэрнае начыньне — у ім наш духовы набытак. |
Праўда, мала ў нас майстроў прыгожага слова, ці ў пісаньні, ці проста сабе ў звычайнай гутарцы. Але ёсьць на гэта адна і, мусіць, адзіная рада: уважна прыслухайцеся да таго як гамоніць сабе «просты» наш народ. Толькі ж умець прыслухацца — колькі ў гэтай прастаце хараства, сілы й багацьця тонаў! |
Цяпер ідзець вялікая барацьба народаў, а пасля вайны наступіць вялікі пералом у жыцьці. На гэта ўсе гатуюцца. Ня можна ж і нам сядзець, завязаўшы вочы, трэба кратацца і думаць, каб сёньня ня быць сляпым — і на заўтра мець гатовую думку. |
Палітыка
правіцьДэмакратызацыя культуры – бяз гэтага свабоды палітычныя – адна мёртвая літара. |
Добра часам хоць падаць якую думку, задаць якое пытаньне. Думка дарма не згініць, мо другі хто калі на яе адкажа. |
Хочучы быць тварцом міру, трэба мір спраўна прыгатаўляць. |
Апошні подпіс і пячаць на дыплём гераізму ставіць толькі смерць. |
Паміж жыцьцём і лёзунгамі надта вялікая супярэчнасьць. |
Ужо самая вайна – гэта пачатак гаспадарчага крызісу. |
Там, дзе паміж працоўнымі масамі вёскі і места не стаяць |
Адукацыя
правіцьАснова нацыянальнага адраджэньня кожнага народу – яго родная школа. |
Народ бяз школы ў роднай мове дзічэе. |
З прамоваў
правіцьПрамова на 10-м пасяджэнні сойму 23 студзеня 1923 года падчас разважання над экспазэ старшыні Савету міністраў
правіцьНарод жа наш — жывы арганізм і, як жывы арганізм, як зборны чалавек, здолее перамагчы хоць бы сабе найдзічэйшую бэстыю. |
Беларускі народ не цяпер толькі нанова творыцца. Беларускі народ — народ стары, але разам з тым і малады, малады таму, што адраджаецца і ўступае ў сям’ю жывых, змагаючыхся за сваё жыцьцё народаў. Гэта народ, які меў вялікую культуру, народ, якога мова была мовай гаспадарсьцьвенай, які меў сваю гаспадарсьцьвенасьць. Гэта ёсьць народ, у мове якога былі пісаны законы. Так, Статут Літоўскі хоць называўся «літоўскім», але быў напісаны па-беларуску,— і ў гэтым Статуце права мовы беларускай было забяспечана: «а пісар земскі мае ўсе выпісы і позвы языком і літары рускімі, а не іншымі пісаці». (Галасы: «Рускі, а не беларускі!») І не белапольскі, але мова ёсьць тая самая. Гэта ёсьць народ, які перажыў вялікі век адраджэньня, які толькі дзеля таго, што ў барацьбе з захватамі з усходу і захаду стаў разам з Польшчаю, — страціў сваё прывілегірованае становішча, становішча асаблівае і ў той час высока культурнае. Шляхта наша, у пагоні за шляхоцкімі свабодамі і гербамі, здрадзіла свой народ, а затым прыняла польскую культуру. Але, пад уплывам барацьбы Расеі з Польшчай аб душу беларускага народу, зьніклі, памёрлі толькі вышэйшыя клясы, народ жа беларускі, як праваслаўны, так і каталіцкі, жыў і жыве сваім жыцьцём. І калі настаў XIX век, век дэмакратычны, век нацыянальнага адраджэньня, стаў прабуджацца і сьвядомы беларускі рух. Адрадзілася Чэхія, і гэта ёсьць яркім прыкладам таго, што народ, які часова заснуў, не памёр і можа прабудзіцца да новага жыцьця і часта можа быць прыкладам для другіх народаў. |
І гэтыя віцэ-каралі Беларускай Індыі, паны Асмалоўскія і Івашкевічы, якія бралі ў Менску ўдзел у абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, пачалі гаварыць, że to jest Białopolska (іранічны сьмех на беларускіх лавах). Дык вось, калі Беларусь змагалася з Расеяй, тады была Беларусь, але калі Беларусь дасталася пад уладу Польшчы, дык ужо не было Беларусі, толькі Białopolska. Тады адкрыліся цынічныя пляны ніштажэньня беларускасьці і каланізацыі, тыя самыя пляны, зь якімі п. Карфанты з такім вялікім талентам змагаўся ў Пазнані. |
А якая вялікая крыўда дзеецца беларускаму народу, большая, як прымусовае адбіраньне зямлі, як зачыненне школ! Тая крыўда, што дзеецца вядомай хваробай некаторых частак польскага грамадзянства: некаторыя слаі польскага грамадзянства хварэюць на ненавісьць. Ненавідзяць немцаў, ненавідзяць кожнага суседа, ненавідзяць расейца, ненавідзяць украінца, ненавідзяць беларуса. (Голас: «Няпраўда!») З прыемнасьцю прымаю гэтую заяву! Вось жа, панове, лічу, што народ беларускі расьце ў нездаровых варунках і сам можа заразіцца ненавісьцю. |
Хачу адзначыць на гэтым месцы, што дзе ёсьць ксёндз-паляк, дык яму можна весьці ў касьцёле ўсякую агітацыю, а калі ёсць ксёндз-беларус, дык рэвіровы прыходзіць з карткай і забараняе ксяндзу гаварыць казаньні ў беларускай мове. |
Прамова на 30-м пасяджэнні сойму 23 сакавіка 1923 году пры абмеркаванні справаздачы аграрнай і бюджэтнай камісіі аб прапанове пасла брыля ў справе крэдытаў для асаднікаў
правіцьНе прызнаём і ніколі не прызнаем таго, што землі, якія належаць польскаму грамадству і знаходзяцца на нашай тэрыторыі, зьяўляюцца польскімі землямі. Задам панам такое пытаньне: ці землі, якія знаходзяцца на абшарах усходняй або заходняй Галіцыі і належаць грамадзянам польскай, украінскай або яўрэйскай нацыянальнасьці, зьяўляюцца польскімі, украінскімі або яўрэйскімі землямі? Ніхто зь яўрэяў не назаве іх яўрэйскімі. Гэта польска-ўкраінскія землі, якія належаць уласнікам-яўрэям. |
Дык вось, панове, калі вы будзеце прад’яўляць нам гістарычныя рахункі, мы таксама прад’явім гістарычныя рахункі, і не знойдзецца такой сумы, якой можна было б іх аплаціць |
Далей, не забывайце, панове, што ў сутыкненьні з Польшчай, у гэтым супольным жыцьці мы страцілі сваю культуру, вы ж атрымалі карысьць. З нашай, магчыма, беднай, але прыгожай зямлі да вас прыйшлі Міцкевіч, Касьцюшка (вясёлае ажыўленьне), вы атрымалі Манюшку, Кандратовіча, Ажэшка. Не хачу прысвойваць беларусам гэтых вялікіх людзей (весялосьць), але хто пасьмее сьцвярджаць, што гэтыя вялікія людзі, бясспрэчна палякі па пераконаньням, не былі косьць ад косьці, кроў ад крыві беларусамі. (Весялосьць.) Панам сьмешна, што ня ведаю літаратуры. Калі ласка, вазьміце антрапалагічнае дасьледаваньне аб Міцкевічу пяра Талькі-Грынцэвіча і прачытайце там, кім быў Міцкевіч. (Голас: «Паходзіў з дробнай польскай шляхты».) Дык жа тая польская шляхта была спаланізаванай беларускай шляхтай. Вазьміце, панове, Касьцюшку, вазьміце працы Кажона. Шкадую, панове, што вы не чытаеце такіх капітальных польскіх твораў. Вы знойдзеце там, што дзед Касьцюшкі быў праваслаўным беларусам. Дакумэнты напісаны па-беларуску. Зьвярніце, панове, увагу на прозвішчы: Міцкевіч, Кандратовіч, Касьцюшка. (Голас: «Тарашкевіч». Весялосьць.) Гэта ж усё беларускія прозвішчы. Я не гавару, што беларусы хочуць прысвоіць сабе ўсіх гэтых вялікіх польскіх людзей. Беларусы могуць іх толькі любіць, шанаваць, але пры ўсім тым не могуць зрачыся той праўды, што іменна яны кроў ад крыві, косьць ад касьці — беларусы. |
Вось так, панове, выглядаюць гістарычныя рахункі, аднак апрача юрыдычных параграфаў, апрача трактатаў ёсць яшчэ іншыя прынцыпы законнасьці, якія народ носіць у сваёй нацыянальнай, грамадзкай, сацыяльнай сьвядомасьці і ў сваім сумленьні. У народным усьведамленьні зямля, на якой народ сядзіць тысячу год, на якой стагодзьдзямі праліваў пот і кроў, гэтая зямля павінна яму належаць. |
Спасылкі і крыніцы
правіць- Браніслаў Тарашкевіч. Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады (1991)
- Думкі Тарашкевіча