Васіль Сяргеевіч Сёмуха

беларускі перакладчык
(Пасля перасылкі з Васіль Сёмуха)

Васі́ль Сярге́евіч Сё́муха (18 студзеня 1936, хутар Ясінец (Ясенец), цяпер Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць — 3 лютага 2019) — беларускі перакладчык з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і іншых моў.

Васіль Сяргеевіч Сёмуха
Васіль Сёмуха.
Нараджэнне
18 студзеня 1936
хутар Ясінец (Ясенец), цяпер Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Смерць
3 лютага 2019
Грамадзянства
Беларусь
Род дзейнасці
перакладчык

Выказванні Васіля Сёмухі

правіць
  •  

Тое, што я люблю, падабаецца і другім людзям. Падабаецца мой „Фаўст“, падабаюцца мой Рыльке і мая Візма Бэлшавіца. Так што я не памыляўся ў сваім выбары, арыентуючыся толькі на сваю любоў, грунтуючыся на ёй.

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Пыталіся — якая родная мова, якая засвоена першая, я ім адказаў, што заходнепалескі дыялект. Яны запісалі са зьдзіўленьнем. Хто па нацыянальнасьці — беларус, на якой мове размаўляем дома — на беларускай. Былі такія дзьве дзяўчыны ня вельмі зубастыя, ціхія, але калі ўжо сыходзілі, то запыталіся: а праўда, што вы пераклалі Біблію?

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

У маім разуменьні пераклад быў і ёсьць высокім літаратурным майстэрствам. Я ніколі, колькі жыву, ня жыў за адныя пераклады. Ад перакладу я меў і маю да гэтага часу вялікую насалоду. Я пляваць хацеў на тое, заплацяць мне ганарар ці не, закажуць пераклад ці не закажуць. Калі мне кніга падабаецца, калі мне твор замежны падабаецца, я яго перакладаю, і маю ад гэтага вялікую насалоду. І гэта мяне заўсёды цешыла і цешыць

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Мова-пасярэдніца для перакладу паэзіі не падыходзіць, таму што перакладчык павінен імправізаваць на тэму верша — інакш не перакладзеш. Прозу перакладаць можа і машына, а паэзію — не

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Калі нам сёньня ўбіваюць у галовы надта разумныя палітыкі, што ў сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — ангельская і расейская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-расейску, ні па-ангельску ніводнай мудрай думкі пакуль ня выказаў. А перакладчыкі могуць даваць нам усе вялікія мудрасьці сьвету. Можна выказаць разумныя думкі на нашай мове. І трэба. І чым больш будзе выказана разумных думак, у тым ліку замежных творцаў, тым большая ганьба будзе для тых, хто лічыць, што гэта немагчыма

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Калі гэтая трагедыя здарылася [расстрэл бацькоў перакладчыка немцамі ў 1942 г.], 6 гадоў мне было. І пасьля вайны як раз гэтыя пытаньні „Што?“ „За што?“ „Чаму?“ паўставалі перад усімі дзецьмі, якія страцілі сваіх родных. Адказаць на гэтыя пытаньні было немагчыма. А яны заселі, як кажуць, у сьвядомасьці дзіцяці і далей перарасьлі ўжо ў цікавасьць да мовы. Толькі, мабыць, празь нямецкую мову можна даведацца, што адбылося і чаму, за што забілі маіх бацькоў. Я ня ведаў гэтага. Зацікавіўся мовай, стаў яе вывучаць і адкрыў для сябе незвычайна вялікай прыгажосьці скарб. Мова нікога не забівала. Мова — гэта носьбіт культуры цэлага народу, і калі я гэта зразумеў, то, натуральна, і прыкіпеў душою да нямецкай мовы

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Усе чатырнаццаць гадоў, цягам якіх я перакладаў Біблію, прайшлі ў адзіным запале, калі я ня ведаў, дзе пачатак, дзе канец. Я меў надзвычайную асалоду ад гэтай працы й не задумваўся: многа ці мала прайшло часу. Мабыць, столькі, колькі было адпушчана Богам на гэтую справу. (…) Я зьвяртаўся ва ўсе беларускія канфэсіі з прапановаю супрацоўніцтва, каб мне дапамаглі ў выданьні Бібліі. Кожная з канфэсіяў лічыць сябе адзіна правільнай, і кожная ставіла мне ўмовы, каб тэкст выдаваўся пад іх кантролем. Гэта ішло ўразрэз з маімі пажаданьнямі. Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная й даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфэсіі. Для мяне яны ўсе роўныя

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019
  •  

Сёньня нямецкі народ дае прыстанішча сусьветна вядомаму пісьменьніку, гонару й сумленьню нашай нацыі Васілю Быкаву. Парадокс гісторыі — чалавек, які так шмат у сваёй сфэры зрабіў для змаганьня з фашызмам, якога беларуская ўлада абвінавачвае ў фашысцкіх поглядах, — гэтаму чалавеку дае прыстанішча менавіта нямецкі народ. Гэта ганьба для нашай краіны, для нашай улады, для нас усіх, што Васіль Быкаў вымушаны шукаць даху над галавой у Нямеччыне. Але гэта гаворыць і за немцаў

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію // Радыё «Свабода», 5 лютага 2019

Выказванні пра Васіля Сёмуху

правіць
  •  

 

Зноскі

Спасылкі

правіць
 
Лагатып Вікіпедыі