Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч (30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён, Мінская вобласць — 29 сакавіка 2016, Мінск) — беларускі паэт і грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі.
Ніл Сымонавіч Гілевіч | |
Подпіс Ніла Сымонавіча Гілевіча
| |
Нараджэнне | |
30 верасня 1931 в. Слабада, Лагойскі раён, Мінская вобласць | |
Смерць | |
29 сакавіка 2016 Мінск | |
Выказванні Ніла Гілевіча
правіцьГалоўная задача — не дапусціць, каб наша мова і далей гінула так, як яна гіне цяпер. Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні.[1] |
- — інтэрв’ю Саюзу беларускіх пісьменнікаў
Калі не зменіцца ў нас культурная палітыка, не зменяцца адносіны да літаратуры, да культуры, да беларускай мовы, нічога добрага нас не чакае. Свіней можна праз год нагадаваць ізноў. Ураджай можна павысіць. Машынаў можна нарабіць больш сучасных. Але калі загіне мова — канец. Разумныя людзі, асабліва інтэлігенцыя і тыя, якія маюць уладу ў краіне, павінны гэта разумець. Але пакуль не разумеюць. І гэта мой самы вялікі клопат і боль.[1] |
- — інтэрв’ю «Радыё Свабода»
Увесь час, як толькі мы пачыналі набіраць глыбокае дыханне, нас білі па галаве і асаджвалі, заганяючы ў становішча рабоў. Згадайма 20-я гады — які ўзлёт беларускага духу быў! Што адбывалася! Колькі цягнулася? 6—7 гадоў. А колькі паспелі зрабіць, якая літаратура вырасла! Было 5 пісьменнікаў, а стала 105! Ды якія таленты! І што? Адразу — па галаве. У гады вайны, у час акупацыі, нібыта павярнулася трошкі да лепшага ў Маскве, з’явілася ўвага да нацыянальнага пытання. Ясна чаму, бо трэба было, каб беларусы, якія тут засталіся, не пайшлі на згоду з акупантамі, не сталі калабарантамі. Таму — калі ласка. Імем Каліноўскага нават партызанскія атрады называліся. І колькі такая палітыка пратрымалася пасля вайны? Некалькі гадоў. У пачатку 50-х зноў пачалі гакаць і біць. І зноў — па галаве, па галаве. А вазьміце нядаўнія 90-я. Ізноў — які ўздым быў! Колькі цягнуўся? Тры-чатыры гады… Наш народ гатовы жыць у сваёй краіне, сваім ладам-парадкам, толькі трэба па-Боску паставіцца да яго памкненняў.[1] |
- — інтэрв’ю «Радыё Свабода»
Гэта, дарэчы, непадзельнае: няма праўды — няма свабоды. Доўгія стагоддзі забівалі ў народзе ўсё, што можна было забіць. Але ж не забілі дарэшты. Тое, што народ сёння не бярэ зброю ў рукі і не змагаецца — нічога. Беларускі народ і ў маўчанні вялікі. Прыйдзе пара, і вырашальнае слова будзе сказана.[1] |
- — інтэрв’ю «Радыё Свабода»
Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускае мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі — расейская мова. Вось і ўсё. Трасянка — з’ява пачварная, іншай ацэнкі быць не можа.[1] |
- — інтэрв’ю Саюзу беларускіх пісьменнікаў
Што выходзіць велічэзная колькасць кніжак маладых, мяне вельмі цешыць. Не важна, што яны ўсе не на тым узроўні, на якім хацелася б бачыць. Так было ва ўсе часы. Ёсць таленавітыя, ёсць вельмі таленавітыя, ёсць, дай Божа, геніі. І ёсць слабейшыя, але не безнайдзейныя. Нешта карыснае могуць рабіць — хай робяць! Калі трапляецца зусім пустое графаманства — што ж з таго, гэтак і сто гадоў таму было. Ну, добра, вось шэсць, дзесяць, сто кніжак. Але нават калі палавіна будзе вартая ўвагі — і тое дзякуй Богу.[1] |
- — інтэрв’ю Саюзу беларускіх пісьменнікаў