Ігар Марзалюк

беларускі гісторык і археолаг, прапагандыст

Ігар Аляксандравіч Марзалюк — беларускі гісторык і археолаг. Дзяржаўны дзеяч.

Ігар Марзалюк
Нараджэнне
11 верасня 1968 (51 год)
Краснаполле, Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць, БССР, СССР

Грамадзянства
Беларусь
Род дзейнасці
Палітык, гісторык, выкладчык

Цытаты

правіць
  •  

Гістарычны факт — гэта фрагмент рэальнасці, а не мастацкі вобраз ці мроя ў галаве даследчыка, таму крыніцазнаўчая карэктнасць мусіць быць важнейшым момантам для кожнага з нас. Глыбока перакананы ў неабходнасці выкарыстоўваць у навуковых даследаваннях адэкватную гістарычную тэрміналогію і гістарычную лексіку, а не ўласныя новатворы, хай сабе і прадыктаваныя самымі патрыятычнымі пачуццямі. Яшчэ можна змірыцца з ужываннем такой мадэрнізаванай анамастыкі, як Кастусь Астрожскі і Іван Жахлівы ў папулярызатарскіх дзіцячых часопісах, кшталту “Бярозкі”. Але, калі тое ж самае робіцца прафесійнымі гісторыкамі ў навуковых публікацыях, то, прынамсі, карціць запытацца ў якой старабеларускай крыніцы яны “знайшлі”, што Канстанціна Астрожскага хто небудзь зваў “Кастусём” ці Івана Грознага “Жахлівым”? Апошняга ў эпісталярных крыніцах беларуская шляхта называла альбо Маскоўскім, альбо Тыранам, але нідзе – Жахлівым. У поўнай ступені тое ж самае тычыцца пасмяротнага выпісвання “нацыянальных” пашпартаў гістарычным асобам, прыпісванне ім сваіх думак, пачуццяў і меркаванняў, якія ніякім чынам не падмацоўваюцца крыніцамі.

"Да пытання пра навуковасць новай беларускай медыевістыкі" // Гістарычны Альманах. Выпуск 4, 2001.
  •  

Я выступаю за смяротнае пакаранне. Я выступаю катэгарычна супраць абортаў. Я катэгарычна супраць прапаганды гомасексуалізму. Я не лічу, што перверсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысціянін, я за традыцыйную, нармальную сістэму каштоўнасцей. Я хачу, каб Беларусь заставалася цэнтрам нармальнай хрысціянскай ідэнтычнасці. І самае парадаксальнае, што мы са сваёй постсавецкай спадчынай і неасавецкай спадчынай — захоўваем традыцыйнае праваслаўе, традыцыйны каталіцызм, традыцыйны пратэстантызм.
Мяне ванітуе ад слова «гендар», «гендарны баланс». Феміністкі — гэта жанчыны, у якіх ня склалася асабістае жыццё. Альбо гэта латэнтныя лесбіянкі, альбо гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцці. Няма фемінізму і гендара. Ёсць полавая ідэнтычнасць[1]. — пра каштоўнасці

  •  

Нам спрабуюць падмяніць сэнсы быцця, якія вызначалі жыццё нашых продкаў стагоддзямі ... перафарматаваць, каб тое, што для нас заўсёды было прадметамі гонару, было прафаніравана, прыніжана, абсмяяна і абражана. І наадварот, тыя падлюгі, якія палілі нашы вёскі, тыя, хто здраджваў гэтай краіне, хто вывешваў на Доме ўрада знакі СС і маршыраваў з крыкамі «Зік Хайль», раптам аказаліся «самотнымі героямі за беларускую незалежнасць»[2]. — пра беларускі калабарацыянізм

  •  

Хлусня, калі вы кажаце, што нейкі падлюга, блізкі вам па ідэалогіі, калі ён спальваў беларускія вёскі і забіваў дзяцей, проста дзейнічаў у цяжкіх абставінах, напрыклад, змагаўся за нейкую антыкамуністычную краіну, якая знаходзіцца на захадзе. ... У маім выпадку гэта асабліва балюча, бо гэта гісторыя маёй сям’і, якая адтуль, з Беласточчыны. Бо прыходзілі і забівалі, і я гэта ведаю з дзяцінства. Ёсць нейкія рэчы, якія мы ведаем на ўзроўні вуснай памяці. Найважнейшая функцыя гістарычнай памяці — захоўваць базавыя фундаментальныя каштоўнасці, якія робяць нас дзяржавай, народам, нацыяй[3]. — пра рэйд Рамуальда Райса у 1946 годзе

  •  

Ёсць фігуры неадназначныя, якія павялічваюць лінію разлому. Ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, якія называе, скажам, праваслаўе «сабачай верай» (калі ў нас 80 працэнтаў праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?[4]. — пра Кастуся Каліноўскага

  •  

Для мяне беларуская нацыя, гэта, калі гаварыць па-беларуску, — «сумоўе», гэта сімфонія моваў, культур і традыцый[5].

  •  

У нас здраднікаў практычна не было, нам паліцаяў па імпарце прывозілі з суседніх рэспублік, і мы здзейснілі сусветны хрысціянскі подзвіг. І калі нам сёння на розных рэсурсах падонкі, якія расслаблена пазіруюць, апрануўшы нашу беларускую вышыванку, а паверх яе надзеўшы мундзір паліцая, тлумачаць, што гэта былі не калабаранты, але героі беларускага народу, з гэтым трэба змагацца[6]. — пра беларускі калабарацыянізм

  •  

У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле беларускага заканадаўства, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды. Год таму па-хамску і хуліганску без дазволу беларускіх уладаў паставілі гэтыя 70 новых крыжоў... У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі. Таму і плот, і добраўладкаванне на гэтым месцы будзе[7]. — пра знос крыжоў у Курапатах

  •  

У нас вельмі някепская сістэма адукацыі, дастаткова якасная. Калі мы параўнаем бясплатную муніцыпальную англа-саксонскую сярэднюю школу і нашу школу, то мы выйграем па ўсіх параметрах. І гэта праўда[8]. — пра беларускую адукацыю

Спасылкі

правіць
  1. Прафэсар Марзалюк ня будзе прымушаць дэпутатаў Палаты размаўляць па-беларуску. // Радыё Свабода. 14 кастрычніка 2016
  2. Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем // Наша Ніва. 18.03.2019
  3. Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем // Наша Ніва. 18.03.2019
  4. Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем // Наша Ніва. 18.03.2019
  5. Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем // Наша Ніва. 18.03.2019
  6. Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем // Наша Ніва. 18.03.2019
  7. Дэпутат Марзалюк назваў знос крыжоў у Курапатах навядзеньнем парадку перад Вялікаднем (b-x-old). svaboda.org (7 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2019. Праверана 8 красавіка 2019.
  8. Марзалюк: Беларускія бясплатныя школы лепшыя за бясплатныя англа-саксонскія. nn.by (28 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2019. Праверана 29 мая 2019.